“
Пятро, родны Пятро, шчырыя віншаванні табе, бо настаў нарэшце той дзень! Хто не ведае які, таму ганьба. Хто забыў, таму бясконца сорамна. А хто ведае, той не забудзе ніколі. Дык заставайся, Пятро, гэткім жа маладым і прыгожым, здаровым і статным. Ты, Пятро, нашая легенда і гонар. Ведай жа, што мы верым у цябе, а не ў гараскоп Глобы. Прынамсі, мы з Максам. Твае жарты гартуюць скулы, а твае пасы, як твае словы, Пятро, – заўсёды моцныя і дакладныя. Сонца свеціць, Пятро, каб рабіць тваю скуру залацістай, і каб жанчыны бачылі тваю незабыўную ўсмешку. Жанчыны, якія не будуць даваць табе спаць, знясільваючы цябе і адначасова дадаючы табе моцы. Не мне табе казаць, Пятро, што недзе далёка-далёка вада цячэ з гор ды ўпарта шукае сцежку ў горад, дзе жывеш ты. Яна цячэ, каб ты выпіў яе, а не таму што не можа іначай. Жанчыны, Пятро, фарбуюць свае валасы і вусны, каб ты цалаваў іх і мыюць свае целы, сам ведаеш дзеля каго. Прырода прыдумала вялікі палец на назе, каб ты забіваў ім галы ў гульні футбол. Футбол, Пятро, прыдумалі англічане для беларуса. Дык пі жа ваду з хмелем і соладам, абдымаючы дзіўную прыгажуню з кветкай у валасах і радзімкай на шыі, і чытай ёй вершы на мове блаславёных продкаў. Атрымлівай асалоду, Пятро, ад кожнай хвіліны і думкі, глытка і дотыка да жаночых грудзей. Ведай, што мы побач, мы за шторай і падглядваем. Памятай, што ў снежні 31 дзень, а Яр заўзее за МанСіці. Макс заўсёды нагадае табе, колькі ён выпіў піва за месяц, а Дзяніска звернецца да цябе: Пеценька. Гэта і ёсць жыццё, Пятро. Яно працягваецца і наперадзе шмат цікавага, прыгожага, смачнага, пругкага і пяшчотнага. Ты сам ведаеш, што з гэтым усім рабіць.